Аляксей Пысін — Петрык і сонца

Аляксей Пысін

Грэе сонца, вее ветрык,
Траўка ўмылася расой.
Пазяхае часта Петрык,
Кепскі ў Петрыка настрой.
Фіззарадкай не займаўся,
Не ўмываўся, не ўціраўся,
Ні сцяжынкі, ні дарогі
Малышам ён не даваў,
З добрай раніцай нікога
Петрык не павіншаваў.

Сонца ласкава свяціла,
Не змаўкаў пчаліны звон.
Толькі хлопцу ўсё не міла,
Не ўсміхнецца нават ён.
Парасят загнаў на градкі,
Вераб’ёў страляў з рагаткі.
Вось даяркі мыюць вёдры,
Маці Петрыкава тут.
Петрык не сказаў «дзень добры»,
Закрычаў: – Салют, салют!

Змрок вячэрні. Прахалода.
Ў садзе не шумяць лісты.
Bee вільгаццю з балота.
Асядае пыл густы.
Пастухі прыгналі статак.
Маці спаць кладуць дзіцятак.
Пад вярбою каля дому
Петрык многіх сустракаў,
Ды нікому, ды нікому
«Добры вечар» не сказаў.
 

  * * *

Петрык спаў. I ўбачыў:
Сонца
Лезе ў хату праз аконца,
Пачынае строгі допыт:
– Хіба ранак быў не добры?
Хіба дзень мой быў не добры?
Хіба вечар быў не добры?
Ты ж нікога не вітаў
З добраю парою
I нікому не жадаў
Добрага настрою.
Не хацеў маіх даброт?
Будзе ўсё наадварот!
 

  * * *

Зранку неба ўслалі хмары,
Дзесь паблізу гром ударыў.
Петрык з ложка як ускочыць.
Стаў ён вочы праціраць,
Ды маланка слепіць вочы,
Вокны ад грымот звіняць.
Гром грукоча, гром рагоча:
– Можа, Петрык, выйсці хочаш?
Барабаніў дождж па даху,
Біў пярун з усіх гармат.
Петрык енчыў, ныў ад страху –
Навальніца не на жарт.
Сонца ў небе не відно:
Раззлавалася яно.

1962 г.
 

Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений