Генадзь Бураўкін — Неба і зямля

Генадзь Бураўкін

I

О неба,

зорнае і ціхае,

Крыху пабляклае ад сну,
Табой,

як сіняю хусцінкаю,

Я любай плечы ахіну.

І на прыжмураныя вейкі,
Нібы дрыготкую расу,
Парывістым світальным ветрам
Я зоркі ўсе твае страсу.

Хай,

   таямнічая і яркая,

Са дна вачэй каханых мне
Недасягальная Палярная
Хоць раз гарэзна падміргне,

Хай чохне кроплямі цяжкімі
Сузор’е Лебедзя ў жарству…
А хочаш –

я каханай імем

Цябе навекі назаву

I на руках

  насустрач сонцу

З каханнем разам панясу,
Плячом рассоўваючы сосны,
Дыханнем сушачы расу?..

О неба,

 ціхае,

світальнае…

Мы над шатром тваім стаім
З салодкай сённяшняю тайнаю
І лёсам заўтрашнім сваім.

I недзе ўжо сініца цінькае.
I салавей канцэрт пачаў.
А ты – блакітнаю хусцінкаю
Трымціш у любай на плячах.
 

II

Няўжо хто верыць,

   што мы ўсе на небе,

Што ў пекле

   і для нас

кіпіць смала?..

Мы на зямлі.

Пад Ржэвам і пад Невелем

Мы ўсе ў зямлі.

I самі ўжо – зямля.

Мы па зямлі

паўзводна і паротна

Ішлі,

   паўзлі,

  займалі рубяжы.

I падалі

на ёй,

   на нашай роднай,

Ні разу не паспеўшы саграшыць.

А ў дымным небе «юнкерсы» кружылі.
О, каб на небе мы тады былі –
Мы б кулакамі крылле ім скрышылі,
Мы б іх смалой пякельнай залілі.

Хай потым чэрці нам ламалі б рэбры,
Хай потым нас засмоктвала б смала…
Ды мы ляжым.

У кожным воку – неба.

А пад плячамі –

  мулкая зямля.

Нас замятае восеньскае лісце.
Без нас

да зор стартуюць караблі.

Мы на зямлі навекі засталіся,
Каб вы,

жывыя,

ў небе пабылі.

 

III

Зямля здрыганецца нема,
Асыплецца яблыняў бель.
У неба,

у сіняе неба

Рванецца і мой карабель.

I ў поўныя жудасці нетры
Урэжацца, нібы ў забой,
Халодныя кіламетры
Пакінуўшы пад сабой.

Я знаю –

ні бога,

ні чорта

Я там не сустрэну і ўноч,
Хоць неба,

   як сажа, чорнае

Застыне ля самых ног.

Я знаю…

А раптам, можа,

За цемрай маўкліваю той –
Малочныя рэкі

і мора

З рыбкаю залатой,

I сад у райскіх ранетах,
I лес без гадзюк і ваўкоў?..
I можна спыніць ракету,
I жыць пяць зямных вякоў,

Абняўшыся з сонцам і з небам,
Ахутаным зорнай луской,
Над воблакамі і снегам,
Над мітуснёю людской…

Нязнаная радасць спакою.
Блакітная ў садзе трава…
Ды я нецярплівай рукою
Рвану паслухмяны штурвал.

I сэрца трывожна заные,
Калі пад грымучым крылом
Лясы і азёры зямныя
Зноў лягуць духмяным скрылём.

I кінуцца стэпы пад ногі
З травою, ад пылу сівой,
I неба, такое зямное,
Аслепіць мяне сінявой.

Запахне аерам і хлебам,
Забомкаюць сонна чмялі…
Нічога мне ў свеце не трэба –
Ні неба,

ні зор –

без Зямлі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений