Ідэйны змест паэмы Янкі Купалы «Бандароўна».

Янка Купала

  Бандароўна — чалавек непадкупнага сумлення. Для гэтай гордай і свабодалюбівай дзяўчыны самае святое — дзявочы гонар, чалавечая годнасць. Яна больш за усе цэніць свабоду і ніколі не стане жыць у няволі. Гэту свабоду яна прадаць не можа. І калі вырашаецца лес Бандароўны, яна не можа здрадзіць сабе. Гераіня вырашае лепш загінуць, чым паступіцца сваім сумленнем. Смела і мужна абараняе Бандароўна свае дзявоцтва, чалавечую годнасць, права на жыццё і свабоду. Смеласці, мужнасці дзяўчыны можна пазайздросціць.
  Народ любіць сваю гераіню, яна — яго крывінка, яго дачка. "Уцякай жа за пагодай, донька маладая", — вучаць дзяўчыну старэйшыя. Яе смерць стала той апошняй кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення. І народ уздымаецца на помсту за сваю гераіню, якая "налажыла… за усіх галавою". Хаваючы Бандароўну, людзі прыбралі яе, як да шлюбу, у белы вэлюм, звілі вяночкі з руты-мяты. Белы колер, кветкі руты-мяты — сімвал чысціні дзявочай. Як бачым, не толькі перад мужнасцю, але і перад гэтай чысцінёй схіліліся галовы людскія.
  Ды што людзі. Бандароўнай захапляецца сама прырода. Яна — блізкі сябар і дарадчык дзяўчыны. Прырода раздзяляе разам з гераіняй яе радасці і гора, ласку і чалавечую цеплыню. Уцякае Бандароўна ад панскай пагоні — ночка абдымае яе, вецер расплятае косы, песціць белыя грудзі.
  Асаблівыя адносіны да Бандароўны ў аўтара. Паэт любуецца, захапляецца дзяўчынай, спачувае ёй. Аб гэтым гавораць не толькі прамыя звароты да "галубкі" (так пяшчотна называе яе Янка Купала), але і кожны радок паэмы. Аўтар не проста апісвае знешні выгляд, паводзіны Бандароўны, ён зачараваны ёю. І таму паэт можа казаць толькі так: губкі, ручкі, галоўка, вочкі.
  Многія эпітэты, параўнанні, словы-сімвалы запазычаны з вуснай народнай творчасці нездарма. Ніхто не можа лепш ацаніць вартасці чалавека, чым народ. Таму у паэме жыве і вецер крылаты, і бярозка бела, і рута-мята, і тры таполі. Усе тут працуе на вобраз Бандароўны, нават вобраз пана Патоцкага. З асаблівай стараннасцю малюе Янка Купала разбрэшчанасць, пагардлівасць да людзей пана з Канева, лютасць яго. Ён "ні старому, ні малому не спускае жартаў". Гэта бязлітасны прыгнятальнік, увасабленне сіл тыраніі, жорсткасці і амаральнасці. Пад яго прыгнётам "стогне змучана Украіна, к небу шле пракляцце". І чым цямнейшыя фарбы выбірае аўтар для стварэння гэтага вобраза, тым вышэй узнімаецца над ім Бандароўна.

Сказать спасибо
( 18 оценок, среднее 4.06 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений