Мне прысніўся дзіўны сон:
Шпак купіў магнітафон.
Ён, усеўшыся на грушу,
Інтэрв’ю бярэ у птушак:
– Адкажы мне, ды жвавей,
Што спяеш нам, салавей?
Ці прыпеўкі, ці раманс?
Стаць славутым маеш шанс.
Салавей сумеўся:
– Што вы?
Сёння пець я не гатовы.
Паспяваў бы я ў ахвоту,
Ды не ўзяў з сабою нотаў.
– Ты што скажаш, верабей?
– Пець шчыглу – куды прасцей:
Ён без нотаў зацягнуць
Можа песню пра вясну.
– А што думаюць удоды?
– Падпяваць шчыглу мы згодны.
– Вось і добра!
Мы ж усе
Вам паможам пакрысе.
Шчоўкнуў шпак магнітафонам –
I азваўся сад зялёны
Галасамі вераб’я,
I шчыгла, і салаўя.
Нават жаваранак з неба
Звонка падцягнуў, як трэба,
Аж пусціліся у скокі
Тры сініцы, дзве сарокі.
З лесу чорны дрозд паспешна
Прыляцеў паслухаць песню,
Не ўтрымаўся – свіснуў сам.
Вольна ўсім тут галасам!..
Я прачнуўся. Сад звінеў:
Кожны птах на дрэве пеў.
Зразумеў я: то не сон –
Шпак купіў магнітафон.