Свет стракаціцца і пярэсціцца.
Вецер мне пазычае крыл.
Эх! Хутчэй гаям напярэсцігі –
Не заманіць тады і Крым…
Беларускія, прынямонскія,
Светлалістыя паясы!
Даражэй вы за ўсе прыморскія,
Аблагоджаныя лясы.
Між бяроз захмялею здзіўлена.
Абрашуся у верасах.
Старана ты мая радзінная,
У птушыных уся галасах!
Ля Тур’і ці ля ціхай Ясельды –
Салаўёў не злічыць вакол.
З пераспелага сонца – ягады
На зялёны апалі дол…
Верасовачка!
Чабаровачка!
Дарагая зямля навек!
Ты для сэрца заўжды – гаёвачка,
Ва ўспамінах маіх – жытнёвачка,
Ад самоты ж – радовішча лек.
У стасунках з табой – карані мае.
Сок крыніц піць – за гонар мне.
Чарамшынай світай, радзімая,
Дней!
Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.