Упала ноч.
Як эдэльвейсы, зоры
Цвітуць над Альпамі.
Аскепак-маладзік
У неба ўрэзаўся.
Блакітнае на горы
Імжыць святло.
А ты ідзі, ідзі…
Якая ноч!
Як у святыні, ціха
I урачыста.
На калені упадзі.
Вунь там агонь міргае…
Шчасце з ліхам
Кладуцца спаць…
А ты ідзі, ідзі…
Трывожыць ноч,
як смерці жах мінулы,
I прышласць мроіцца,
як недабіты дзік.
Нібы агонь,
няўсподзеў шуганула
Жаданне жыць.
Каб жыць,
ідзі, ідзі…
Канае ноч,
і зазвінелі зоры.
Прамень, як штых, бліснуў,
I маладзік
Збляднеў,
самлеў.
Ружовае на горы
імжыць святло.
А ты ідзі, ідзі…
1944-1952