Я разгубляў санеты ля дарог,
Калі хаваўся ад сябе самога.
Я не прасіў ратунку у нікога,
I сам нікога ўратаваць не мог.
Мінулі дні. Ступіў я за парог
Другой зямлі, не выклятае Богам.
Хоць у грудзёх не выцвіла трывога,
Ды прывід смерці тут я перамог.
Час уваскросіць мілыя санеты,
Час разбудзіць тэрцыны, трыялеты,
Хай на чужой, няветлівай зямлі.
Век не бадзяцца сумнаму па свету,
Плакаць аб тым, што ружы адцвілі…
Звінець, як сталь, павінен верш паэты.
Ля-Лювр, Бэльгія, 1947