Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Сёння яны знаходзяцца ў самых вядомых музеях Лондана і Парыжа, Варшавы і Кіева, Масквы і Нью-Норка. Вельмі багаты і каштоўны збор таксама захоўваўся ў Мінску, але ў гады другой сусветнай вайны быў незваротна страчаны. Цяпер на Беларусі засталіся толькі фрагменты ад гэтых дзівосных вырабаў. Глядзіш на іх, і міжволі згадваецца ранішні расяны луг, што ажно зіхаціць, пераліваецца ўсімі колерамі пад першымі сонечнымі промнямі. А на памяць адразу прыходзяць радкі з верша Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»:
Ад родных ніў, ад роднай хаты,
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
З сівой даўніны і на працягу доўгіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакаленне перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчаннем таму – створаныя пад сялянскімі стрэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі і, вядома ж, паясы, якія нашы продкі лічылі ці не галоўнаю аздобаю ў вопратцы. Сяляне, праўда, насілі ваўняныя ці ільняныя апаяскі, а магнаты і заможная шляхта падпярэзваліся «літымі», з залатою або срэбнаю асноваю паясамі, прывезенымі з далёкіх усходніх краін. Каштавалі яны нямала, але ахвотнікаў выглядаць прыгожа заўжды хапала.
Каб задаволіць патрэбы пакупнікоў, князі Радзівілы заснавалі ў 1736 годзе ў Слуцку мануфактуру і паслалі на вучобу ў г. Станіслаў (цяпер – Івана-Франкоўск), дзе вырабляліся паясы, двух здольных тутэйшых мастакоў – Яна Гадоўскага і Тамаша Хаецкага. Аднак сапраўднага росквіту мануфактура дасягнула толькі праз 20 гадоў, калі па запрашэнні Міхала Казіміра Радзівіла яе ўзначаліў Ян Маджарскі. Нарадзіўся ён у Турцыі – у горадзе Стамбуле. Доўгі час працаваў на Украіне. Дзякуючы бездакорнаму ткацкаму ўмельству набыў шырокую вядомасць і павагу. На Беларусь Ян Маджарскі прыехаў не адзін, а з некалькімі вопытнымі майстрамі, магчыма, сваімі землякамі. Слуцкі люд, не абазнаны ў геаграфіі, называў іх персамі, ну а прадпрыемства, дзе яны шчыравалі, з часам стала называцца персіярняй.
Сапраўды, ткалі славутыя слуцкія паясы не дзявочыя, як напісаў паэт, а дужыя мужчынскія рукі. Бо гэты занятак, акрамя цярплівасці, вымагаў і нямала сілы. Дарэчы, спрактыкаваны майстар за год мог выканаць каля дзесяці паясоў. У шырыню яны мелі да сарака сантыметраў, а ў даўжыню – ажно за два метры. Асабліва каштоўным было тое, што на вырабах амаль не сустракалася падобных узораў.
У канцы XVIII і на пачатку XIX стагоддзяў Слуцкую мануфактуру арандаваў сын Яна Маджарскага Лявон. Пры ім працавала 60 ткачоў, большасць з якіх паходзілі з навакольных вёсак і мястэчак. Акрамя паясоў, яны выраблялі габелены, дываны, тканіны для царкоўнай службы. Будучы не рамеснікамі, а найперш творцамі, тутэйшыя майстры няспынна шукалі і знаходзілі сваё разуменне хараства. Таму і па сённяшні дзень цвіце і ніколі не адцвіце на іхніх дзівосных вырабах «заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька».
У сярэдзіне XIX стагоддзя Слуцкая персіярня перастала існаваць, пакінуўшы нам, нашчадкам, казачныя вясёлкі-паясы.