Ядвіга Бяганская — Аленчыны канькі

Ядвіга Бяганская

  На школьным двары залілі вялікі каток, і цяпер з самага ранку тут стаіць вясёлы гоман і смех.
 Аленка з зайздрасцю назірае, як спрытна коўзаюцца аднакласнікі, якія фігуры выкручваюць на лёдзе. "Былі б у мяне канькі, я таксама не горш коўзалася б", – думае яна. Але канькоў у Аленкі няма. Ды і спадзявацца пакуль што не прыходзіцца: трэба справіць паліто старэйшай сястры, падрамантаваць кватэру…
 – Чаму ты прыйшла на каток без канькоў? – цікавіцца Юрка.
 Дзяўчынка не адказвае. Навошта?
 – Хадзем, Аленка, я дам свае, – кажа, спыняючыся каля іх, Ганя.
 – А я цябе навучу коўзацца, – дадае Янка.
 Аленка з удзячнасцю глядзіць на сяброў, і на яе твары ўспыхвае ўсмешка.
 Яны падыходзяць да лаўкі. Ганя скідвае свае чаравікі з канькамі і, усунуўшы ногі ў Аленчыны боцікі, дапамагае ёй абуцца.
 – Я ж коўзацца зусім не ўмею, – збянтэжана кажа Аленка, трымаючыся за Янкаву руку.
 – Навучышся, гэта проста, – падбадзёрвае Янка і, сціснуўшы мацней Аленчыну руку, падае каманду:
 – Правай-левай! Правай-левай!
 Зрабіўшы некалькі кругоў, Янка раптам выпускае яе руку:
 – Ну а цяпер сама. Ды ты не бойся, не бойся!
 – Ой! – палохаецца Аленка. Правая яе нага ўцякае ўперад, а левая чамусьці адстае, і дзяўчынка, узмахнуўшы рукамі, падае.
 – Не бойся, яшчэ крыху павучымся, – смяецца Янка, і яны зноў коўзаюцца разам.
 – Ну як, падабаецца? – пытае Ганя, калі Аленка з Янкам спыняюцца.
 – Вельмі, – усміхаецца Аленка і пачынае расшнуроўваць чаравікі.
 – Папрасі, каб і табе маці купіла канькі, – кажа сяброўцы Ганя. – Будзем разам коўзацца.
 – Хіба пазней, – уздыхае Аленка і расказвае Гані пра свае хатнія клопаты.
 – Ну, то прыходзь заўтра. Будзем на маіх па чарзе коўзацца.
 Цяпер Аленка штовечар прыходзіць на каток. Ганя, угледзеўшы яе здалёк, спяшаецца насустрач. А з ёю Марынка, і Зося, і Верачка. Яны нават спаборнічаюць: хто першы ўгледзіць Аленку, той першы і канькі свае ёй аддае.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений