Ядвіга Бяганская — Міколкава ялінка

Ядвіга Бяганская

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Кожнае лета Міколка гасцяваў на леснічоўцы ў дзеда Міхася. Утульная сядзіба лес-ніка прытулілася воддаль ад вёскі, на ўзлессі. Невялікі дамок на высокім падмурку, гарод, у якім гаспадарыла бабуля, садок з вуллямі, вакол якіх з ранку да вечара гудуць працавітыя пчолкі, вялікі будан, у якім жыве сабака Таграй – усё тут змалку знаёма і люба Міколку. Але больш за ўсё хлопчык любіць вялікі дзедаў лес. Ён ведаў усе яго запаветныя куточкі, усе сцяжынкі. Тут ён збіраў суніцы, маліны, грыбы, назіраў цікавае жыццё лясных жыхароў, слухаў вясёлыя галасы птушак.
 Кожную раніцу, закінуўшы за плечы дубальтоўку, дзед Міхась ішоў у абход. Праўда, амаль ніколі ён не прыносіў з лесу дзічыны. Дубальтоўка служыла дзеду хіба толькі тады, калі зімой наладжвалася аблава на ваўкоў.
 – А навошта лес крыўдзіць, красу яго нішчыць, – казаў ён унуку. – Без звера ды без птушкі лес сумаваць будзе.
 Пра лес дзед Міхась заўсёды гаварыў з павагай, як пра свайго лепшага сябра. I Міколка верыў у тое, што лес, як і чалавек,можа сумаваць, радавацца, злаваць, смяяцца.
 Дзед навучыў унука бачыць і адчуваць хараство лесу, чытаць яго зялёную кнігу.
 Бывала, ідуць яны лесам, слухаюць яго ціхі пошум, а дзед раптам спыніцца, кране хлопчыка за плячо, пакажа на бярозку, усміхнецца і скажа:
 – Бач, Міколка, якая яна сёння вясёлая, няйнакш у скокі зараз пусціцца.
 Міколка глядзіць на маладую танклявую бярозку, і здаецца яму, што бярозка і сапраўды сёння вельмі вясёлая. Ён чуе нават, як яна смяецца сваімі ўмытымі расой лісцейкамі.
 Былі ў іх у лесе і свае запаветныя мясціны, дзе яны прыпыняліся адпачыць з дарогі, падсілкавацца, пагутарыць. I Міколка ніколі не пытаў у дзядулі, дзе і калі яны будуць адпачываць. Ён ведаў, што першы прыпынак яны зробяць пад старымі разложыстымі дубамі, якія дружна абступілі сонечную лясную палянку.
 – А чаму, дзеду, дубы гэтыя вакол палянкі пасталі, а далей у лес ісці не хочуць? – запытаў аднойчы Міколка.
 – А таму, што спакон веку моладзь на гэтай палянцы на Купалле вогнішчы кладзе, карагоды водзіць. Вось яны і сабраліся вакол, каб песні паслухаць.
 Пасядзеўшы пад дубамі і папыхкаўшы сваёй люлькай, дзед Міхась уставаў, і яны ішлі далей звілістымі ляснымі сцяжынкамі, прыслухоўваючыся да птушыных песень, да мяккага шапацення лесу.
 Другі прыпынак дзядуля звычайна рабіў ля крынічкі, што паціху бруіла сярод зялёных густалістых алешын. Сонца ў гэты час стаяла ўжо высока над галавой, была самая пара падсілкавацца і даць адпачынак нагам. Падышоўшы да крынічкі, дзед Міхась здымаў з пляча дубальтоўку, развязваў торбачку, у якой ляжаў іх няхітры полудзень, раскладваў яго на шматку чыстага кужалю. Пасля ён даставаў з-пад алешын гліняны гладышак, напаўняў яго сцюдзёнай крынічнай вадой і доўга з асалодай піў. Напіўшыся, ён задаволена прыгладжваў сівую бараду, на валасках якой зіхацелі празрыстыя пацеркі-кроплі, і перадаваў гладышак Міколку.
 – Пі, хлопча, ды ведай, што смачнейшай за гэту вадзіцу не знойдзеш ва ўсім белым свеце.
 I Міколка піў сцюдзёную крынічную ваду, піў усмак, аж пакуль не заходзіліся ад холаду зубы.
 Падсілкаваўшыся і адпачыўшы, яны вярталіся ў леснічоўку ўжо іншай дарогай, праз малады бярозавы гай.
 Ой, і любіць Міколка ўлетку гэты вясёлы зялёны гай! Ён гатоў гадзінамі блукаць сярод тонкіх беластволых бяроз.
 Увесну, калі бярозкі расплятаюць свае доўгія зялёныя косы, яны здаюцца хлопчыку русалкамі з дзядулевай казкі, якія пакінулі рачное дно і выбеглі пагрэцца на сонейку.
 А колькі грыбоў расце ўвосень у гэтым маладым бярозавым гаі! Толькі паспявай іх збіраць ды парадкаваць. На ўсю зіму, бывала, і насушаць, і насоляць іх дзед з бабуляй Аленай. А Міколка не забывае наўтыкаць іх на галінкі елак, што растуць навокал леснічоўкі, каб было чым вавёркам зімой карміцца.
 Нездарма ж іх тут водзіцца процьма, і Міколку яны не баяцца, есці з рук бяруць, у сенцы частавацца прыбягаюць.
 Цікавы ў Міколкі дзядуля, няма ў лесе такой таямніцы, якой бы ён не адгадаў. Ён і пра дрэвы, і пра звяроў, і пра птушак усё ведае, і пра кожную раслінку лясную ўсё чыста раскажа.
 – I адкуль, дзядуля, ты ўсё гэта ведаеш? – дзівіцца Міколка.
 – А як жа мне, унучак, не ведаць. Я чалавек лясны, – усміхаецца дзед Міхась.
 Яно і праўда. Усё сваё жыццё дзядуля пражыў у лесе. I дзед яго, і бацька, таксама як і ён, былі леснікамі. А ў вайну дзедМіхась партызаніў у гэтым лесе, і Міколка вельмі любіў слухаць яго расказы пра той далёкі суровы час.
 Так, неўпрыкметку дзень за днём, адыходзіла лета, а разам з ім і Міколкавы вясёлыя канікулы.
 – Ой, дзеду, як хутка пракацілася лета! – жаліўся Міколка, пакідаючы леснічоўку. – Здаецца, учора толькі прыехаў, а заўтра ўжо трэба ехаць дадому.
 – Не бядуй, унучак. За вучобай ды за новымі клопатамі не агледзішся, як і зіма міне, – суцяшаў яго дзед Міхась.
 Дзядуля казаў праўду. Вярнуўшыся дадому, Міколка сур’ёзна ўзяўся за навуку. У школе кожны дзень прыносіў яму нешта новае, раскрываў свае цікавыя таямніцы. Міколка і не заўважыў, як мінула першая чвэрць навучальнага года, а следам за ёю і другая.
 Да зімовых канікулаў заставаўся ўсяго адзін дзень, калі з леснічоўкі раптам прыехаў дзед Міхась.
 – Дзядуля! – узрадаваўся Міколка, угледзеўшы дзеда.
 – А я, унучак, прыехаў, каб узяць цябе на леснічоўку, – прывітаўшыся сказаў дзед Міхась. – З бацькамі я ўжо дамовіўся, дазвол атрымаў, – усміхнуўся ён унуку.
 – Дзеду, дык цяпер жа зіма, што я буду рабіць у гэтую пару ў лесе? – здзівіўся Міколка.
 – А лыжы ў цябе ў парадку? – замест адказу запытаў дзядуля.
 – У парадку, – адказаў Міколка.
 – Ну то і добра, – заўтра ранічкай мы і паедзем.
 Раніцай пасля снедання дзядуля запрог свайго Буланага, і яны, добра ўладкаваўшыся ў санях на мяккім сене, ахінуўшыся вялікім дзедавым кажухом, рушылі ў дарогу.
 Міколка ўпершыню ў сваім жыцці ехаў зімой на санях у такую далёкую дарогу. Выехалі яны як толькі пачало світаць, а толькі ўвечары меркавалі быць на леснічоўцы. Але Міколку гэта доўгае зімовае падарожжа вельмі падабалася. Яны міналі мястэчкі, вёскі, ехалі паўз заснежаныя маўклівыя палі. Часамі дарога збочвала ў лес, і Міколка не мог наглядзецца на зімовую яго прыгажосць. Лес у яго белым зімовым убранні здаваўся дзівосным казачным волатам, ад якога нельга было адарваць вачэй.
 Пад палазамі саняў звонка парыпваў снег, і Міколка на нейкі момант заплюшчваў вочы і драмаў пад яго рыпенне.
 Дарогай яны некалькі разоў спыняліся, адпачывалі, сілкаваліся, кармілі Буланага.
 – Ну, як, унучак, не стаміўся? – час ад часу пытаў дзядуля.
 – Ды не, дзеду, не стаміўся, – весела адказваў Міколка.
 Зімовы дзень кароткі. Міколка і не заўважыў, як на зямлю пачаў апускацца вечар. У вёсцы па хатах пачалі ўжо запальвацца агеньчыкі, калі яны пад’ехалі да леснічоўкі.
 Першым сустрэў іх вясёлым брэхам Таграй. Угледзеўшы Міколку, ён радасна кінуўся да яго, перакуліў у снег, лізнуў яго проста ў твар сваім гарачым языком.
 Пачуўшы брэх Таграя, на ганак выйшла бабуля. Яна абняла Міколку і павяла ў хату. Тут, як заўсёды, было ўтульна. На стале, накрытым белым чысцюткім абрусам, падарожнікаў чакала смачная вячэра.
 Назаўтра раніцай дзядуля агледзеў свае і ўнукавы лыжы і сказаў:
 – Ну, хлопча, апранайся, ды пойдзем у лес па ялінку. Заўтра ж Новы год, і без ялінкі нам ніяк нельга.
 – Ну, вядома, нельга, – згадзіўся Міколка. – Які ж гэта Новы год без ялінкі? Толькі дзе ж мы возьмем цацкі, каб упрыгожыць яе?
 – А цацкі, вунь яны, у скрынцы стаяць. А калі іх не хопіць, зробім свае, лясныя.
 Апрануўшыся, Міколка з дзядулем выйшлі з хаты, усталі на лыжы і пашыбавалі ў лес па ялінку.
 Далёка ім ісці не давялося. Хутка дзядуля збочыў на ўзлессе, і неўзабаве яны апынуліся на ўзгорку, пасярод якога расла маладзенькая прыгожая ялінка. Яна нібы выбегла з лесу насустрач Міколку і цяпер стаяла перад ім у сваім бялюткім кажушку, на якім успыхвалі пад ранішнім сонцам вясёлыя агеньчыкі. Міколка мімаволі ўсміхнуўся дрэўцу.
 – Ну, як, падабаецца? – запытаў дзядуля.
 – Вельмі, – зачаравана пазіраючы на ялінку, прамовіў Міколка.
 – Ну, тады яна твая, – сказаў дзядуля, дастаючы з-за пояса сякеру і набліжаючыся да дрэўца.
 – Ой, дзядуля, не трэба! – спалохана ўсклікнуў Міколка, схапіўшы за руку дзеда. – Яна такая прыгожая, такая зялёная, такая вясёлая, хай сабе расце на здароўе на гэтым узгорку.
 Дзядуля засунуў за пояс сякеру, паглядзеў замілавана на ўнука.
 – Малайчына, што пашкадаваў дрэўца. Чулае, спагадлівае ў цябе сэрца.
 Нейкую хвіліну яны моўчкі пастаялі каля ялінкі, любуючыся яе хараством, а пасля Міколка сказаў:
 – Ведаеш, дзядуля, што я прыдумаў. Не будзем мы секчы ніякай ялінкі, а прыбяром тую, што стаіць ля брамы на леснічоўцы. Яна таксама маладзенькая ды прыгожая.
 Так і вярнуліся яны з лесу без ялінкі і расказалі бабулі аб сваёй прыгодзе.
 А ўвечары пад Новы год ля брамы леснічоўкі стаяла прыгажуня яліна. На ёй віселі рознакаляровыя шарыкі, цацкі, кармушкі для вавёрак і птушак, а на вершаліне гарэла электрычная лямпачка, якую прыладзіў дзядуля.
 Вярнуўшыся пасля зімовых канікулаў дадому, Міколка расказаў аб сваёй ялінцы сябрам. А калі яны пачалі выхваляцца сваімі навагоднімі ялінамі, заўважыў:
 – Усе вашы ёлкі хутка будуць ляжаць на сметніку, а мая ялінка расце сабе на ўзгорку і чакае мяне ў госці.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений