І прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з’ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
І мы па-даўняму нясмела
Жылі не ў лад і неўпапад?
Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
І дабравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Не неслі ў петлі дум і рук?
І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..
А ўжо свой выдасць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разбярэ, ў чым справа тут.
У сведкі запісы пакліча,
Паданні клікне ў час такі
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..
І засумуецца патомак,
Калі дазнаецца ад нас,
Што нейкі з нас хоць быў не зломак,
А плечы гнуў у крук не раз;
Не йшоў з адкрытымі вачыма
У свет і сцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасці магчымай
Таптаў сляды, сябе таптаў.
1926