Янка Купала — Паўстань…

Янка Купала

Паўстань з народу нашага, прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
I мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагам спавіт!

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,
Вазьмі з яе прысягу і зарок,
Што не прадасць сябе, сваю зямлю…
Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок!
 

  *

Паўстань з народу нашага, пясняр,
Былых і будучых вякоў баян,
I ў бурны кліч, як буры ўдар,
3 віхрамі загудзі над звон кайдан!

Гудзі над Беларусяй з краю ў край,
У сэрцах спячых распалі пажар,
Над курганамі перуном зайграй!
Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!
 

  *

Паўстань з народу нашага, ваяк,
I волатам на вогненным кані
Народ аграблены – бы з торб жабрак –
За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!

Да хвалы шлях айчыне пакажы,
Змяці з палёў яе чужых бадзяк,
На стражы стань гранічнае мяжы…
Свой край заваяваць паўстань, ваяк!
 

  *

Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
I хто яго абдзёр з каронных шат.

На Ўладара жджэ Беларусь даўно,
I жджэ цябе ўладарства Божы дар,
Вялікае, магутнае яно…
Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар!

1919

 

Крыніца:  Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 4. Вершы, пераклады 1915-1929. – Мн.: Маст, літ., 1997. – 446 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений