Якая тады ажына ўрадзіла! На дзіва ўсяму свету. Мы паехалі ў лес, як толькі дачуліся пра гэта. I адразу, скраечку, натрапілі на ягады. Сузор’ямі звісалі яны з гнуткіх галін, і кожная ягадзіна нагадвала гняздзечка ластаўкі.
Ты стаяла па той край ажынавых кустоў і ціха казала:
– А тут ажыну малінаўка дзяўбла…
Я засмяяўся:
– Хіба малінаўка есць ажыны? Ёй і маліны хапае!
– Есць, есць! – не пагадзілася ты, і рукі твае запрацавалі шпарчэй.
Я тады пабойваўся, каб не скалолася, не нарабіла драпін, бо ажынавыя пруты – быццам дрот калючы. Заўважыў яшчэ: ажына была такая расяная – як твае вочы. I ад ягад ішоў п’янлівы-п’янлівы пах…
Мы потым сядзелі пры лясной дарозе, на цёплым пляскатым камені і чакалі спадарожнай машыны.
I абаім хацелася, каб як найдаўжэй не было яе.