Ён першы раз убачыў снег.
Не знае, што такое.
Ад радасці пабег, пабег.
Гуляе сам з сабою.
Сабачка то ўпадзе на бок,
То пад кусты залезе.
І сам, як беленькі клубок,
Качаецца па снезе.
– Сняжок, сюды! Пушок, сюды!
Сняжок нібы не чуе.
Бяжыць малы абы-куды,
Сляды свае нітуе.
І раптам ён на рукі – скок!
Ледзь мне не скінуў шапку.
– Пагрэйся, беленькі Сняжок,
Пагрэй хоць крышку лапкі.
Калючы шчыплецца мароз.
Сняжка пад курткай грэю.
Там толькі вочкі, толькі нос
Як гузічкі, чарнеюць.