Ядвіга Бяганская — Юрка і пчолы

Ядвіга Бяганская

Увага!!! Пощны змест

  Кожнае лета Юрка гасцюе ў дзядзькі Антося на пчальніку. Падабаецца хлопчыку пчаліны гарадок. Размясціўся ён сярод беланогіх дрэў вялікага калгаснага саду.
 Дзядзька Антось устае рана, разам з сонейкам. Не адстае ад яго і Юрка. Ён крочыць басанож па роснай траўцы, якая так прыемна халодзіць і казыча ступні ног.
 Ад хаты, дзе жыве дзядзька Антось, да пчальніка кіламетры тры будзе. Сцежка увесь час бяжыць шырокім квяцістым лугам, над якім з ранку да вечара звіняць жаваранкі. Жаваранкаў тых Юрка не бачыць. Яны згубіліся недзе высока-высока ў небе і сыплюць адтуль на зямлю сваё звонкае срэбра.
 А вось і пчальнік. Тут ужо даўно кіпіць работа, паветра напоўнена пчаліным гудам.
 – Прачнуліся ўжо нашыя працаўніцы, – усміхаецца дзядзька Антось, пазіраючы, як завіхаюцца каля вулляў пчолы. – Ды і як ім спаць, калі за дзень столькі кветак аблётаць трэба. Гэта ж, каб сабраць якія сто грамаў мёду, яны мусяць наведаць не менш як паўмільёна кветак.
 – Паўмільёна! – дзівіцца Юрка. – А як жа яны знаходзяць дарогу дадому? Яны ж заблудзіцца могуць, – пытае ён дзядзьку Антося.
 – Не заблудзяцца, – усміхаецца той. – У пчалы, хлопча, тысяча вачэй. Яна бачыць далёка.
 – Тысяча вачэй! Вось гэта здорава! – ускліквае Юрка.
 Ужо не першае лета гасцюе Юрка на пчальніку. Шмат цікавага ведае ён пра пчол, а дзядзькавым расказам пра іх усё яшчэ не відаць канца. Юрка ведае, што пчала вельмі дужая. Яна можа ўзняць угору і панесці столькі, колькі важыць сама. Што пчолы вельмі працавітыя. Што жывуць яны вялікай і дружнай сям’ёй, на чале якой стаіць пчала-матка. А сёння дзядзька Антось расказаў Юрку пра пчаліных ворагаў.
 – Век у пчалы кароткі. Жыве яна ўсяго некалькі месяцаў, а ворагаў у яе хоць адбаўляй, – кажа дзядзька Антось.
 Ворагаў у пчалы і сапраўды багата. I самы страшны з іх – гэта пчаліны воўк. Ён падобны на вялікую жаўтабрухую асу і жыве ў глыбокай нары пад зямлёй. Пчаліны воўк жывіцца толькі пчаліным мёдам, і, каб здабыць яго, ён забівае пчалу. Частку мёду, які несла пчала, спажывае сам, а рэшту разам з забітай пчалой нясе ў нару сваёй самцы, якая выкормлівае дзіцянят. А стракозы? Яны, нібы тыя драпежныя ястрабы, накідваюцца на пчалу і разрываюць яе на кавалкі. Ды ўсіх пчаліных ворагаў і не пералічыць.
 – А чаму гэта адны пчолы з ранку да вечара мёд збіраюць, а другія ў вуллі сядзяць? – цікавіцца Юрка. – Хіба яны працуюць пазменна? – усміхаецца ён.
 – Пчолы не сядзяць без работы, хлопча. Яны даглядаюць лічынак, з якіх пазней выйдуць новыя пчолы, сочаць за парадкам у вуллі: будуюць новыя соты, чысцяць не запоўненыя мёдам ячэйкі, закрываюць воскам тыя, што ўжо запоўнены, даглядаюць матку, вартуюць, каб у вулей не забраўся які вораг. Пчолы – «народ» працавіты.
 Шмат цікавага ведае дзядзька Антось пра пчол, і Юрка з ранку да вечара гатоў слухаць яго і назіраць за жыццём маленькіх працаўніц.
 – А колькі карысці мае ад іх чалавек. I мёд яму пчолы даюць, і воск, і ядам сваім ад шмат якіх хвароб ратуюць, – гаворыць дзядзька Антось.
 – А чаму гэта людзі вуллі звычайна ў садзе стаўляюць? Мусіць, таму, каб было ім дзе мёд збіраць, калі сад цвіце?
 – I не толькі таму. Каб у садзе нашым не было пчолак, мы не мелі б столькі яблык, ігруш, сліў…
 – А пры чым жа тут пчолы? – дзівіцца Юрка.
 – Як гэта пры чым? Збіраючы мёд, пчолы пераносяць з кветкі на кветку пылок, апылкоўваюць сад. Каб яны не рабілі гэтага, кветкі асыпаліся б пустацветам і не давалі б пладоў.
 – Цікава… – задуменна гаворыць Юрка. – Такая яна маленькая, гэта пчала, а столькі ад яе дабра людзям. Буду і я некалі пчаляром, буду даглядаць пчолак, клапаціцца аб іх.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений