Яраслаў Пархута — Камароўка

Яраслаў Пархута

  Заўсёды едзеш туды з нейкім радасным пачуццём.
 …I вось нарэшце ён, Камароўскі рынак. Мільгаюць каляровыя хусткі, пінжакі, плашчы, кофты. Не згледзіш нават, як трапіш у той палон і ідзеш не куды хочаш, а куды нясе цябе тая жывая плынь.
 Раптам вуха выхапіць такое аб’ёмнае прастамоўнае слова, што захочацца спыніцца, як перад якім адкрыццём. Ды дзе там! За табою будзе шыліцца дзяцюк і басавіта некаму гудзець:
 – А я ўзёў і тожа прымчоў. Між люду патаўчыса.
 Маладзіца з-за прылаўка сароміць некага:
 – Мед дарагі? А хіба ў нас пшчолы – каравэ? Яны ж такія, як і ў вас, пшчолы тыя…
 Гэта ўжо не з-пад Маладзечна, гэта ўжо аднекуль з-пад Пінска. Але не паспееш азірнуцца, як іншым здзівішся:
 – Даўней ліс быў то ліс! Елка ў елку. А дубіна! А бярэзіна! А тэпэр – солома, а не ліс!
 Маларыцкага палешука пераб’е ўшацкі дзядок:
 – А наша азяро – пашукаць не знойдзеш. Во такенныя шчупакі плодзяцца! А падвалоку ці заходнік возьмеш – куль ракаў мецьмеш. I кожны з лапаць. I ў кожнага кляшчотка такенная!..
 «Ах, рыбачок, рыбачок! Выхваляўся б лепш у сваім паазер’і. I тых ракаў менш бы глуміў. Яны ж у Чырвоную кнігу занесены!..»
 Пакуль думаеш, сказаць яму тое ці не – у новым свеце апынішся:
 – Не хачу естачкі яблычка гэнага. Яно парукана!
 – Абы не паротана! – перадражнівае маладая мама дачушку, дастае хусцінку і выцірае толькі што куплены яблык.
 I раптам:
 – А я ўзяўшы ўчора, і галава січас как цабэрак…
 Ну, канешне, з-за Магілёва прыехаў! Дзівак. Не мог куфаль піва каўтануць, перш чым сюды перціся. Тады б не вісеў хмарай над сваёю цыбуляй, не скардзіўся б суседу…
 А вось і цётка ледзь не крычыць сваёй сяброўцы, з якой, пэўна, даўнавата не бачылася:
 – Чалавек мой палясоўшчыкам робя, а дачка – магазінершай!..
 Сяброўка, абвешаная вязанкамі часнаку, таксама не хоча адставаць:
 – А мая ў вучыцелькі падалася!..
 Аднекуль на прагалак між цётак і дзядзькам, які «ўзяўшы ўчора», выкаціўся загарэлы, як баравічок, цыганчук і не па гадах дзелавіта прапанаваў:
 – Дайце рубля – на пузе крутануся!
 Але цёткі не чуюць. Цёткі заняты сваім. Не чуе і дзядзька. А базар – ажно ломіцца ад гародніны, кветак, садавіны, рознага вясковага дабра. Зноў мільгаюць твары, хусткі, плашчы. I галасы соцень людзей зліваюцца ў нястомную музыку. Нават забываеш, чаго ты тут, якая патрэба прывяла цябе сюды.
 Спеўная мова твайго народа будзе чуцца і ў сне.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений