Яраслаў Пархута — Снегавічок

Яраслаў Пархута

  Насупраць Юльчынай хаты стаіць клён. Той клён аблюбавалі вераб’і і кожны дзень збіраюцца там на свой злёт. Толькі прыйдзе Юлька са школы, сядзе рыхтаваць урокі, а вераб’і тут як тут – зляцеліся! Спачатку нібы знаёмяцца: «Чый, чый?» А калі перазнаёмяцца – пачынаюць гамонку.
 Іншы раз птушкі ўзнімуць такі гармідар, што Юлька не вытрымлівае, выходзіць з хаты і гукае:
 – Кыш! I чаго вы не падзялілі там?!
 Вераб’і палохаюцца, уздымаюцца з дрэва і ляцяць на выган. Але варта Юльцы зачыніць за сабою дзверы, як неслухі вяртаюцца і яшчэ званчэй бяруцца абмяркоўваць свае вераб’іныя справы.
 Надакучыла Юльцы сварыцца з вераб’ямі, і яна вырашыла правучыць іх. «Пастаўлю сіло, – сказала яна сабе. – Спаймаю самага хуліганістага і дам яму пстрычак…»
 Але не так проста цяперашняга вераб’я правесці на мякіне. Сіло стаяла на сметніку, птушкі ў той бок нават не глядзелі. А як выпала пароша, Юлька не пашкадавала сыпануць прасяных круп. I спакусіла-такі вераб’ёў. Чародка шуганула з клёна і пачала частавацца.
 Юлька счакала хвіліну-другую ў засадзе, а калі пабегла на сметнік – ад здзіўлення ажно застыла. У сіле не было ніводнага вераб’я, а толькі трапятаў нейкі белы камячок.
 – Дзіва! – сказала Юлька. – Колькі жыву, а такога не бачыла…
 Трымала бялюткую, як жменька свежага снегу, птушачку і, забыўшыся пра тую пстрычку, дапытвалася:
 – I адкуль ты ўзялася такая? Нібыта і верабей і – не верабей… Чысты снегавічок!..
 Птушка зірнула чырвоным вокам і ціўкнула. Нібы прасіла прабачэння. I Юлька расслабіла далонь.
 Белы камячок чырыкнуў ад радасці, паляцеў на клён і згубіўся ў вераб’інай грамадзе.
 З таго дня Юлька не злуе на вераб’ёў. Наадварот, радуецца, калі тыя збіраюцца ля хаты на чарговы свой злёт. I калі яна вяртаецца са школы, перш чым сесці за хатняе заданне, абавязкова пытаецца ў маці:
 – А ці не бачыла ты сёння нашага Снегавічка?
 – А няўжо! На верхняй галінцы скача! – адказвае маці і ў сваю чаргу, з усмешкай на твары, цікавіцца: – А ці ведаеш, пра што вераб’і гамоняць з ім?
 Юлька спачатку паціскае плячыма, а потым хітравата ўсміхаецца:
 – Дапытваюцца, мабыць, адкуль ён такі прыгожанькі ўзяўся…

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений