Заяц даўней быў не такі, як цяпер. Ні вачэй тых, ні ног, ні вушэй. Адна назва! Пацурбалак нейкі. I ўсякі, хто хацеў, кпіў з яго:
– Торба з мясам, а не звер!
Надакучыла Зайцу цярпець, набраўся смеласці і сказаў аднойчы:
– Пушчуся па свеце і набуду ногі хуткія, вушы чуткія, вочы відушчыя.
I пусціўся. Коціцца Заяц, коціцца, аж бачыць: Філін на суку сядзіць, вочы вылупіў, дзівуецца: што гэта за стварэнне з’явілася ў ягоным лесе? А Заяц:
– Філін-Філін, мо ёсць у цябе вочы запасныя? Прадай!
– Прадаць не прадам, а так дам, – адказаў Філін. – Бяры, калі хочаш!
Узяў Заяц у Філіна запасныя вочы і адразу павесялеў: свет перад ім адкрыўся!.. Падзякаваў і пакаціўся далей.
Коціцца, коціцца, аж бачыць: на балоцейку Кабылка пасецца, а вакол яе дзіцятка-жарабятка падбрыквае. Ногі лёгкія, імклівыя. Узрадаваўся Заяц, кажа:
– Кабылка, мо ёсць у вас ногі запасныя? Прадайце! .
– Прадаць не прадам, – адказала Кабылка, – а так дам. Выбірай, якія даспадобы.
Падабраў сабе Заяц ногі па густу і не пакаціўся далей, а пабег. Бяжыць, бяжыць, аж бачыць: стаіць пасярод дарогі Асёл, вушамі трасе. «Вось бы мне такія!» – падумаў Заяц і папрасіў:
– Паважаны Асёл! У цябе лішніх вушэй няма? Прадай, калі ласка!
– А хоць і за так бяры! – адказаў Асёл. – У мяне іх цэлая вязанка.
Выбраў Заяц вушы, бяжыць дарогаю і нарадавацца не можа: «Усё, здаецца, прыдбаў – вочы відушчыя, ногі хуткія, вушы чуткія. Ніякі драпежнік цяпер не страшны! Калі б яшчэ хвост набыць талковы – прыгажэйшага звера не знойдзеш!»
Думае гэтак Заяц, думае, бяжыць сабе памаленьку, бяжыць, аж бачыць: да хвойкі шыльда прыбіта, а на ёй напісана: «Продаж хвастоў». Заяц ледзь не падскочыў ад радасці. Маўляў, пашчасціла! Ды ніжэй на шыльдзе дробнымі літарамі было накрэмзана: «Хвасты прададзены. Пайшоў спаць. Барсук».
Засмуціўся Заяц, хацеў далей бегчы самы фасоністы хвост шукаць, але ноч на зямлю апусцілася, і ён падаўся дадому. Выбраўся на дарогу, дзе стаяў Асёл, перабег балоцейка, дзе пасвілася Кабылка, мінуў бор, дзе сядзеў Філін, і толькі апынуўся на сваёй дзялянцы, – з-за вываратня як выскачыць Воўк ды як схопіць яго ўпоперак тулава!
– Ай-я-яй! – закрычаў Заяц і стаў вырывацца. Вырываўся, вырываўся і вырваўся. Кінуўся прэч, цераз дзесяць кустоў сігае, і адна толькі думка ў галаве круціцца: добра, што з кароткім хвастом па лесе бег, а то б не вылузнуўся… А ўслед яму чулася:
– Другім разам мацней трымаць буду!..
Але Заяц не такі дурны, каб яшчэ раз трапляць у лапы воўчыя. Па сённяшні дзень па лесе бегае. Праўда, пра доўгі ды фасоністы хвост і думаць перастаў.